21 лістапада 2019 г. — 90 гадоў з дня нараджэння Ніны Аляксандраўны Шэлехавай (1929–2017), заслужанага настаўніка БССР (1979)
Ніна Аляксандраўна Шэлехава нарадзілася 21 лістапада 1929 г. у вёсцы Вялікая Грыбанаўка Грыбанаўскага раёна Варонежскай вобласці (Расія). Скончыла Ленінградскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А. І. Герцэна па спецыяльнасці «біялогія і хімія» (1947).
У 1951 г. накіравана на працу ў Беларусь. Працавала настаўніцай у Плотніцкай, Вялікамалешаўскай, Лядзецкай школах Давыд-Гарадоцкага раёна Пінскай вобласці. Затым выкладала хімію і біялогію ў СШ № 2 і СШ № 1 г. Давыд-Гарадка. У 1960 г. была дэлегатам ІV з’езда настаўнікаў БССР.
9 верасня 2019 г. — 95 гадоў з дня нараджэння Івана Дзмітрыевіча Янкоўскага (1924–2009), гаспадарчага дзеяча, Героя Сацыялістычнай Працы (1966)
Іван Дзмітрыевіч Янкоўскі нарадзіўся 9 верасня 1924 г. у вёсцы Забаенне Бягомльскага раёна Барысаўскай акругі (цяпер Лепельскага раёна Віцебскай вобласці). Яго бацька быў вясковым кавалём. Іван Янкоўскі скончыў школу фабрычна-завадскога навучання № 3 у Мінску. У час Вялікай Айчыннай вайны са снежня 1942 г. ваяваў у партызанскім атрадзе № 3 брыгады «Жалязняк», удзельнічаў у аперацыях «рэйкавай вайны».
2018 г. — 180 гадоў з часу вяртання мяшчанам Давыд-Гарадка права на валоданне землямі, атрыманае ад каралевы Боны Сфорца (Столінскі р-н; 1838)
Старажытны горад Давыд-Гарадок Столінскага раёна Брэсцкай вобласці заўсёды быў свабодным. Калі адбывалася запрыгоньванне сялян, яго жыхары сталі членамі саслоўя свабодных мяшчан. Мяшчане былі падатным саслоўем: плацілі падымное, ардыншчыну, выконвалі іншыя абавязкі. У 1558 г. Гарадок Давыдаў, якім у 1521–1551 гг. валодала каралева Бона Сфорца (1494–1557), стаў прыватнаўласніцкім горадам князёў Радзівілаў, уваходзіў у Клецкую ардынацыю. Гараджане жылі на зямлі князя, мелі зямельныя надзелы, якія арандавалі ў князя, за што павінны былі плаціць чынш і адбываць паншчыну, выконваць замкавыя, дарожныя і іншыя павіннасці.
2018 г. — 155 гадоў з часу адкрыцця народнага вучылішча, 110 гадоў — гарадскога вучылішча ў г. Давыд-Гарадку (Столінскі р-н; 1863; 1908)
У ХІХ ст. на Беларусі дзеці сялян і мяшчан вучыліся ў народных школах (школах граматы), у якіх настаўнічаў запрошаны адукаваны чалавек, у якога можна было з восені да вясны навучыцца чытаць, пісаць і лічыць.
2018 г. — 100 гадоў з дня нараджэння Веньяміна Абрамавіча Школьнікава (1918–1998), заслужанага настаўніка БССР (1968)
Веньямін Абрамавіч Школьнікаў нарадзіўся ў 1918 г. у г. Гомелі. У 1935 г. скончыў Усебеларускі камуністычны газетны тэхнікум у Магілёве. Працаваў у магілёўскай абласной газеце. У час Вялікай Айчыннай вайны працаваў на ваенным заводзе ў г. Уфе (Башкiрыя), узнагароджаны медалямі. У 1948 г. скончыў Магілёўскі педагагічны інстытут, настаўнічаў у школах Гомельскай вобласці, выкладаў беларускую мову і літаратуру. У 1954–1960 гг. — дырэктар Альшанскай сярэдняй школы Давыд-Гарадоцкага раёна Брэсцкай вобласці.
25 ліпеня 2018 г. — 75 гадоў з дня разгрому нямецка-фашысцкага гарнізона ў г. Давыд-Гарадку (Столінскі р-н; 1943)
У час нямецка-фашысцкай акупацыі Беларусі ў г. Давыд-Гарадку Пінскай (цяпер Брэсцкай) вобласці быў размешчаны буйны гарнізон — каля 300 гітлераўцаў. Гарнізоны з’яўляліся ўвасабленнем палітыкі запалохвання і гвалту, былі апорнымі пунктамі бяспекі тылу войск, эканамічнага грабяжу. Разгром гарнізонаў меў вырашальнае значэнне ў стварэнні і пашырэнні тэрыторый партызанскіх зон, зрыве карных аперацый акупантаў, звужаў аператыўна-тактычную прастору праціўніка, зрываў ваенныя і эканамічныя планы, меў вялікае значэнне для папаўнення партызанамі запасаў зброі, боепрыпасаў і харчавання. У барацьбе з варожымі гарнізонамі партызаны праяўлялі выключную мужнасць і адвагу.
3 кастрычніка 2018 г. — 370 гадоў з пачатку Давыд-Гарадоцкага паўстання (1648–1649) у антыфеадальную вайну ўкраінскага і беларускага народаў
Антыфеадальная казацка-сялянская вайна рускага (украінскага і беларускага) народа пачалася ў 1648 годзе, вялася за захаванне сваёй праваслаўнай веры, за ўратаванне ад прыгнёту польскіх паноў і за стварэнне сваёй дзяржаўнасці. На яе чале стаяў гетман Багдан Хмяльніцкі (каля 1595–1657). Удзельнікі паўстання аб’яўляліся казакамі, а сам удзел у ім называўся казакаваннем. Асноўная маса паўстанцаў была сялянамі і прыроднымі казакамі, а таксама ўдзельнічалі мяшчане і дробнае праваслаўнае духавенства.
22 жніўня 2017 г. — 100 гадоў з дня нараджэння Канстанціна Вікенцьевіча Мацюшэўскага (1917–1999), дзяржаўнага і партыйнага дзеяча
Канстанцін Вікенцьевіч Мацюшэўскі нарадзіўся 22 жніўня 1917 года ў вёсцы Новае Палюдава Сенненскага павета Магілёўскай губерні (цяпер Талочынскага раёна Віцебскай вобласці) у сялянскай сям’і. У 1938 годзе скончыў Аршанскае педагагічнае вучылішча, завочна ў 1939 — настаўніцкі інстытут. Працаваў настаўнікам, дырэктарам Раснянскага дзіцячага дома імя А. С. Пушкіна ў Дрыбінскім раёне Магілёўскай вобласці.
10 кастрычнiка 2017 г. – 60 гадоў з дня нараджэння Леаніда Васільевіча Дранько-Майсюка (1957), паэта, празаіка
Леанід Васільевіч Дранько-Майсюк нарадзiўся 10 кастрычнiка 1957 года ў горадзе Давыд-Гарадку Столiнскага раёна Брэсцкай вобласцi ў рабочай сям’i. Першыя вершы друкавалiся ў раённай газеце «Навiны Палесся» з 1972 года.
1 студзеня 2017 г. — 70 гадоў з дня нараджэння Георгія Васільевіча Марчука (1947), празаіка, драматурга, кінасцэнарыста, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1996)
Георгій Васільевіч Марчук нарадзіўся 1 студзеня 1947 года ў г. Давыд-Гарадку Пінскай вобласці (цяпер Столінскага раёна Брэсцкай вобласці) у сям’і шаўца. Рана застаўся без маці, жыў з дзедам і бабуляй. Пасля заканчэння СШ № 2 г. Давыд-Гарадка (1965) спрабаваў паступіць ва Усесаюзны інстытут кінематаграфіі, але няўдала. Працаваў кіраўніком драматычнага гуртка Давыд-Гарадоцкага ГДК, метадыстам Столінскага РДК. На старонках раённай газеты «Навіны Палесся» з 1966 года з’яўляюцца яго першыя гумарэскі, рэцэнзіі і апавяданні.